навіны

Аматарам iTunes, Spotify і да т.п.

З прычыны шматлікіх заклікаў шырокіх колаў грамадзкасьці і ўлічваючы складаную палітычна-эканамічную сітуацыю ў рэгіёне выканаўчая рада дырэктараў UltraВожыка ў асобе сабачкі Ібрагіма: 1) заяўляе, што UltraВожык ніколі не застанецца ўбаку ад тэхнічнага прагрэсу (так, з мінулых выходных музыкі больш не карыстаюцца тэлеграфам і не праяўляюць фотаздымкі ў ванным пакоі); 2) паведамляе, што галоўныя шэдэўры гурта кожны ахвочы цяпер можа пачуць праз усялякія Спатыфаі, ай- і шмайТ'юнсы ды іншыя Ворды, Пускі і Спатлайт, прабачце, сёрчы.

Жахлівы сон беларускага ідэолага

Гісторыя стварэньня UltraВожыка, роля сабачкі Ібрагіма ў беларускай і сусьветнай культуры, праблема правоў касманаўтаў, характар бабулі Пятра Адамавіча і асаблівасьці працы ў адміністрацыі прэзідэнта - пра гэта і шмат што іншае нейкія валасатыя бандыты распавядаюць у відэаінтэрвію парталу Tuzin.fm. Глядзіце "Жахлівы сон беларускага ідэолага".

У новы год з Дзедам-Барадзедам

UltraВожык Das Дзед-Барадзед Здорава сустракаць Новы год з Дзедам-Барадзедам. Здавалася б, што можа быць лепей? Зразумела, сустракаць яго з UltraВожыкам! І цяпер вы можаце рабіць гэта адначасова. Слухайце новы трэк UltraВожыка "Das Дзед-Барадзед". Гэта вам не Паца-Ваца.

"Клёва касманаўту!" на радыё

Для ўсіх аматараў радыёэтэру: "Клёва касманаўту!" цяпер можна пачуць на хвалях найбуйнейшых радыёстанцый нашай неабсяжнай краіны. Калі вы радыёстанцыя і чамусьці не атрымалі новую песьню, звяжыцеся з намі. Калі вы слухач - замаўляйце UltraВожыка на сваёй улюбёнай станцыі!

Клёва ўсім - "Клёва касманаўту!"

UltraВожык Клёва касманаўту Клёва ўсім. Пятру Адамавічу, Яўгену Шафа-Ўругвайскаму і сабачку Ібрагіму - клёва. Бо яны запісалі новую песьню, зразумеўшы, наколькі клёва жывецца касманаўту. Клёва гукарэжысэру, бо Вожыкі нарэшце звалілі са студыі, і ён можа са спакойным сумленьнем ехаць па марозе на Курасоўшчыну да жонкі. Клёва таксама і вам, нашым слухачам, бо песьня пасьпела як раз на Каляды. Карацей, сустракайце. "Клёва касманаўту!"

Акорды да "Спадарожніка", "Атлантыды" і "Крыніцы цяпла"

На двары лета, а гэта значыць надыходзіць час паходаў, палатак ды вогнішчаў і, зразумела, песень пад гітару. З гэтай нагоды UltraВожык афіцыйна публікуе акорды да галоўнай песьні сезону "Спадарожнік", да клясічнай "Атлантыды", а таксама да нетрывіяльнай "Крыніцы цяпла".

Пётар Адамавіч: "Каб зайграць «Крыніцу» без памылак, трэба быць альбо абсалютна цьвярозым, альбо настолькі нецьвярозым, калі ўжо нічога не заўважаеш. Натуральна, мы рэкамендуем першае". "Увогуле, UltraВожык п'е выключна Jupi", - дадае Яўген. "Гаў", - тлумачыць сабачка Ібрагім. Якую б стратэгію вы не абралі, акорды можна знайсьці на старонцы "Музыка".

Новая песьня "Спадарожнік"

UltraВожык Спадарожнік Доўга, вельмі доўга прыйшлося вам гэтым разам чакаць, дарагія нашыя слухачы. Але, спадзяемся, яно таго было варта. Слухайце новую песьню UltraВожыка "Спадарожнік".

Некалькі слоў аб правапісе

Шмат каго сёньня ў беларускім і агульнасусьветным грамадзтве хвалюе, як правільна пішацца назва UltraВожыка - "Ультравожык", "Ultravozhyk" ці, можа, увогуле "Ультравожик". Упершыню і эксклюзіўна на нашым сайце афіцыйную пазіцыю саміх Вожыкаў у гэтым пытаньні агучвае сабачка Ібрагім:

— Адзіны цалкам правільны правапіс нашае назвы - "UltraВожык". Калі вам жыцьцёва неабходна напісаць назву лацінкай, пішыце "UltraVožyk". Там, дзе можна выкарыстоўваць толькі стандартныя літары (да прыкладу, у адрасе нашае інтэрнэт-старонкі), суадносна атрымліваецца "Ultravozyk". (Раней нас усіх вучылі ў такіх выпадках пісаць "Ultravozhyk", і гэты няправапіс будзе трапляцца дзе-нідзе.) Едзем далей. "Ультравожык" - у залежнасьці ад кантэксту, альбо памяншальна-ласкальная форма, альбо трасянка. А вось калі вы пішаце "Ультравожик", то вы сапраўдная маскальская морда!

Шчыра спадзяемся, што тлумачэньне сабачкі Ібрагіма адкажа на пытаньне нашых слухачоў і дапаможа прагрэсу сусьветнага дэбату па гэтай тэме.

Таямнічая "Супер-пупер Панарама"

Паца-ваца

Да UltraВожыка трапіла містычная касэта. Яе перадаў не назваўшы сябе і ўвогуле вельмі падазроны ананім, не выключана што жульлё ды апазыцыянер. На касэце запіс невядомай да гэтага часу беларускім тэлегледачам перадачы "Супер-пупер Панарама" (Паца-ваца прадакшнз Хард базар), у якой тэлевядучы Арцём Патапкін абмяркоўвае вострыя палітычныя пытаньні з самім кіраўніком дзяржавы. UltraВожык упэўнены, што гэта паклёп і правакацыя, якая не мае аніякага дачыненьня да рэальных асобаў ці падзеяў. А што думаеце вы? Слухаць тут!